ТЭА́ТР ВАЕ́ННЫХ ДЗЕ́ЯННЯЎ (ТВД),
пэўная тэрыторыя і прылеглая да яе марская і паветраная прастора, дзе могуць весціся (вядуцца) ваен. дзеянні; частка тэатра вайны. Уключае некалькі стратэг. напрамкаў і раёнаў (акіянскіх зон і марскіх раёнаў).
У 2-ю сусв. вайну на кожным Т.в. дз. размяшчаліся буйныя стратэг. групоўкі ў складзе некалькіх аператыўных аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл, якія дзейнічалі па адзіным плане. Памеры кантынентальных Т.в.дз. дасягалі па фронце 300—600 км і ў глыбіню 800—1000 км.
У сучасных умовах рысамі Т.в.дз. сталі: параўнальная цэласнасць яго ў паліт.-эканам. адносінах, наяўнасць на яго тэр. аб’ектаў стратэг. значэння, магчымасць разгортвання и дзеянняў буйных стратэг. груповак. Межы і склад Т.в.дз. вызначаюцца ваен.-паліт. кіраўніцтвам дзяржавы (кааліцыяй дзяржаў).
С.В.Папоў.
т. 16, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)